КАНФАРМАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел стэрэахіміі, які вывучае канфармацыі малекул, працэсы іх узаемнага пераходу, а таксама залежнасць фіз. і хім. уласцівасцей ад канфармацыйных характарыстык. Навук. аснова К.а. — хімічнай будовы тэорыя і квантавая хімія. Асн. метады даследаванняў — метад ядз. магнітнага рэзанансу, інфрачырв. спектраскапія, паляраграфія і інш. спектральныя метады. Значны ўклад у развіццё К.а. зрабілі Д.Х.Р.Бартан, А.Баер, У.Прэлаг, Г.​Заксе, М.​С.​Зефіраў. Выкарыстоўваюць для даследавання біяхім. і біяфіз. працэсаў, што абумоўлена залежнасцю ўласцівасцей біяпалімераў ад іх канфармацыйных параметраў, а таксама біял. актыўнасці арган. злучэнняў ад магчымасці ўтвараць у арганізме чалавека і жывёл фізіялагічна актыўныя канфармацыі.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)